RUS ENG

Выбітны вынік беларускіх студэнтаў

Адразу дзве беларускія каманды заваявалі медалі ў фінале 36-га чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў. 17 мая ў Варшаве каманды БДУ і БДУІР прадэманстравалі сапраўды выбітны вынік, які на чэмпіянаце паказалі яшчэ толькі Расія і Кітай.

У чора ў Міністэрстве адукацыі ганаравалі беларускіх прызёраў студэнцкага чэмпіянату свету па праграмаванні: каманду БДУ, якая заваявала сярэбраныя медалі, і каманду БДУІР, якая вярнулася дадому з “бронзай”. У цырымоніі ўзялі ўдзел міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук, рэктар БДУ Сяргей Абламейка, рэктар БДУІР Міхаіл Батура, самі студэнты-пераможцы і іх кіраўнікі.

“Вы перамаглі ў самай сучаснай галіне, якая імкліва развіваецца, — звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, — і вашы медалі сведчаць пра тое, што наша сістэма адукацыі канкурэнтаздольная і мы можам развіваць перадавую навуку і тэхналогіі”.

Чэмпіянат свету па праграмаванні — гэта самае прэстыжнае міжнароднае спаборніцтва маладых праграмістаў планеты. У фінале выступалі лепшыя каманды 112 універсітэтаў, якія перамаглі на папярэдніх этапах. Па правілах спаборніцтваў Еўропу прадстаўлялі 28 каманд, Паўночную Амерыку — 22, Лацінскую Амерыку — 17, Азію — 38, Афрыку і Блізкі Усход — 5, Аўстралію і Акіянію — 2 каманды. Усяго ж у адборачных турах чэмпіянату стартавала больш за 25 тысяч студэнтаў з 2219 універсітэтаў 85 краін.

“Сам факт удзелу ў фінале чэмпіянату свету па праграмаванні — гэта ўжо поспех, — зазначыў дэкан факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Павел Мандрык. — За выхад у фінал беларускія каманды спаборнічаюць у групе, якую знаўцы называюць групай смерці. Сюды ўваходзяць сотні каманд з універсітэтаў усіх краін постсавецкай прасторы (акрамя Украіны), а пуцёўкі ў фінал атрымліваюць толькі 12 каманд. І тое, што ў такой жорсткай канкурэнтнай барацьбе дзве беларускія каманды выйшлі ў фінал і перамаглі там, — гэта выбітны вынік, які не застаўся незаўважаным у свеце”.

Беларускія каманды ўдзельнічаюць у адборачных спаборніцтвах чэмпіянату свету па праграмаванні ўжо больш за 15 гадоў, але дагэтуль толькі студэнты БДУ заваёўвалі права ўдзелу ў фінальных спаборніцтвах. Там яны рэгулярна паказвалі высокія вынікі, былі прызёрамі і пераможцамі. Так, у 2004 годзе ў Чэхіі каманда БДУ заваявала залатыя медалі (3 месца), а ў 2008 годзе ў Канадзе — бронзавыя медалі (12 месца).

Сёлета ўпершыню каманды адразу двух беларускіх універсітэтаў — БДУ і БДУІР — прадстаўлялі нашу краіну ў фінале чэмпіянату. Папярэдне яны паспяхова выступілі на чвэрцьфінальных і паўфінальных спаборніцтвах, пакінуўшы па-за фіналам многія каманды вядучых ВНУ Расіі, Прыбалтыкі і іншых краін рэгіёна.

Па ўмовах фінальных спаборніцтваў камандам, якія складаюцца з трох студэнтаў, на 5 гадзін прадастаўляюцца 12 тэкставых задач і адзін камп’ютар. Каманды павінны бездакорна рашыць максімальную колькасць прапанаваных задач за мінімальны час. Адметна, што задачы фіналу складзены паводле рэальных праблем, якія ўзнімаюцца ў рамках ініцыятывы IBM “Разумная планета” — ад кіравання воднымі рэсурсамі і паветраным рухам да інтэрнэт-бяспекі і арганізацыі экалагічна чыстай вытворчасці.

Згодна з рэгламентам, пераможцамі фінальных спаборніцтваў становяцца 12 каманд, якія паказалі найлепшыя вынікі: чатыры каман ды атрымліваюць залатыя медалі, чатыры — сярэбраныя і чатыры — бронзавыя.

У выніку напружанай барацьбы студэнты-праграмісты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ занялі 5 месца і заваявалі “серабро”. У складзе выбітной тройкі выступалі Дзмітрый Багданаў, Юрый Пісарчык і Сяргей Собаль, якія рашылі 7 задач з 12.

Напрыклад, пераможцы гэтага чэмпіянату — каманды Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі, а таксама Варшаўскага ўніверсітэта — рашылі 9 задач; 8 задач адужала каманда Маскоўскага фізіка-тэхналагічнага інстытута і 7 — каманда Шанхайскага Джыа-Тонг універсітэта, якія і ўвайшлі ў чацвёрку залатых прызёраў. Студэнты БДУ затрацілі на рашэнне той жа колькасці задач крыху больш часу, чым іх кітайскія сапернікі, таму сталі сярэбранымі прызёрамі.

І калі для БДУ гэта быў ужо не першы ўдзел у фінале чэмпіянату свету па праграмаванні, то студэнты БДУІР у фінале ўдзельнічалі ўпершыню. Затое які ўдалы дэбют! Студэнты факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР Данііл Беражной, Ігар Брукаў, Аляксей Ропан занялі 12 месца ў выніковай табліцы і атрымалі бронзавыя ўзнагароды.

Варта адзначыць, што беларускія студэнты лёгка абышлі каманды такіх прызнаных праграмісцкіх школ, як Санкт-Пецярбургскі і Саратаўскі ўніверсітэты Расіі, Масачусецкі, Стэндфардскі і Прынстанскі ўніверсітэты ЗША, Пекінскі ўніверсітэт Кітая і многія іншыя.

Як паведаміў намеснік дэкана па вучэбнай рабоце факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР, кіраўнік каманды Аляксей Ляшчоў, Беларусь стала адной з трох краін (разам з Расіяй і Кітаем), якія заваявалі на чэмпіянаце свету больш як адзін медаль. Гэта яшчэ раз пацвярджае моцную школу праграмавання, што існуе ў нашай краіне.

“Падобныя перамогі, акрамя ўсяго, уплываюць на прыцягненне фінансавых сродкаў у краіну, у прыватнасці ў Парк высокіх тэхналогій, — заўважыў Павел Мандрык. — Інвестары атрымалі дакладны сігнал: у гэтай краіне высокі патэнцыял! І двайная перамога беларускіх студэнтаў, безумоўна, будзе мець станоўчыя наступствы як у плане іміджу краіны, так і ў плане інвестыцый”.

Галіна СІДАРОВІЧ.

Другие сайты факультетаСтруктураОбразованиеМагистратураНаукаСтудентуВнеучебная деятельностьСистема
менеджмента
качества (СМК)
ОлимпиадыПравовые акты
БГУ, приказы
АбитуриентуШкольникуИсторияИздания факультетаПрофбюро ФПМИПерсональные страницыФотогалереи Центр
Компетенций
по ИТ
Газета ФПМыНаши партнеры